ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв. танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв. кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)